Ларыса Геніюш
Ня сумуйце дзяцюкi вясною
на магiлы гледзячы сяброў –
жалем нашых ранаў не загоiш
i цяжкiх ня скiнеш кайданоў.
Ня сумуйце дзяцюкi па сёлах
i па вочах кiнутых дзяўчат –
барацьба ўжо пеннiца як солад,
маладыя воклiкi гучаць.
Ня сумуйце дзяцюкi па долi,
ня хiлеце гордай галавы,
бо ня з жалю, толькi з ранаў, болю,
воля толькi родзiцца з крывi.
Ня сумуйце дзяцюкi начамi –
ўжо ня дасца спутаць вольны дух!
Мы былi i будзем Крывiчамi
ад хваль Угры аж па сiнi Буг!
Не згінай мяне, я не сагнуся,
Не баюся ні страхаў, ні зла.
Нездарма я з зямлі беларускай
Непахіснай сасною ўзрасла.
Напрасткі йду няходжанай сцежкаю,
Мудрасць продкаў у гарачай крыві,
Ні прад кім не схіляю паспешна
Крыху гордай сваёй галавы.
Абмінаю ўсю набрыдзь, што вокал,
Чалавечы мой блытае лёс.
Гляджу ўдаль, не маргнуўшы нат вокам.
Розум цемру праніжа наскрозь!
Мова родная, мова дзядоў!
Іншай мовы мы сэрцам ня чуем.
Мілагучнасьцю любых нам слоў.
Быццам музыкай душу чаруем.
Мы за вокнамі дзень залаты,
Нашых рэкаў пявучыя хвалі,
Роднай хаты сьвятыя куты
Ў гэтай мове раз першы назвалі.
Наша мова – спатканне,
З казкай, ў цудным дзецкім сьне.
Наша мова – каханне, што прыходзіць да мяне.
Любай песьняй старою гучыш,
З-над калыскі, за гадоў тых дзяціных;
Салаўіным разьлівам ўначы,
Звонам хваляў прыткой ручаіны.
З-пад вясковых прыветлівых стрэх
Мілагучна зьвініш ад сьвітання;
Бы дзявочы, рассыпчысты сьмех,
Быццам першае ў сэрцы каханне!
Наша мова – спатканне,
З казкай, ў цудным дзецкім сьне,
Наша мова – каханне, што прыходзіць да мяне.
Сьвяты прадзедаў ты нам адказ,
Якім слаўна ў харомах гудзела!
Ты як неба, як сонца для нас –
Быццам наквеццю сад заінелы.
Мова родная, мова дзядоў!
Іншай мовы мы сэрцам ня чуем.
Мілагучнасьцю любых нам слоў,
Быццам музыкай душу чаруем.
Зжылася зь зямлёю, у дрэвы ўрасла,
Пераплялася з травою і кветкамі
Родная мова старога сяла,
Ад іншых сваёй цеплынёю адметная.
Цягнулася доўга за ніткай льняной
Прымаўкай мудрай, і казкай, і песьняю,
Схавалася ў сёлы, жыла пад страхой,
Выходзіла ў поле да сонейка весьняга.
Зярністая, шчодрая, бы каласок,
Мудрасьці ціхай прыпынак глыбінны,
Сіні, бясхмарны нябёсаў кусок
Пад белым і чыстым крылом галубіным.
Хрышчоная ў полі вясьняным дажджом,
Пахучая белым рамонкам і мятай,
Задорны уздым за сьвяточным сталом
I ладная, сьціплая гутарка хатняя.
Разгойдала мары, збудзіла любоў,
Цябе ў маім сэрцы ніхто не заглушыць,
Таму, што чароўныя прыгаршні слоў
Маці любоўна мне ўсыпала ў душу.
Са мной размаўлялі палі і бары,
Адносілі хвалі па Нёмане думы,
I баяў мне нешта магільнік стары,
Сялянская доля заводзіла сумна.
Калі цябе мудрасьць кране і любоў,
Засьвецішся ласкай, вясёлкаю фарбаў,
З-пад напластаваньня мінулых вякоў
Адкрыеш нашчадкам схаваныя скарбы.
Ты нам Скарынаю выйдзеш у сьвет,
У Статут правы зьніжаш надзіва,
То заглушаць, затопчуць твой сьлед,
Мова сёлаў і мова архіваў.
Мова, падобная да салаўя,
Прасякнута любасьцю жніўнай і роснай,
Мова дзядоў маіх, мова мая,
Гімн нашай долі пакутны і ўзьнёслы!